Слова на роднай мове

Главное изображение на странице сайта МГЛУ
Размова пойдзе пра беларускамоўную безэквівалентную лексіку.

Не сумняваюся, што кожны з нас яшчэ ў школе чуў хоць штосьці пра безэквівалентную лексіку – словы адной мовы, якія не маюць аднаслоўнага адпаведніка ў іншай. Калі гаворка вялася пра такія лексемы ў беларускай мове, то ў большасці выпадкаў яны параўноўваліся з эквівалентамі ў рускай. Так мы чулі пра “кнігарню”, якая «книжный магазин», ці пра “вырай” ー «тёплые страны, куда летят зимовать птицы». (Дарэчы, ёсць і яшчэ адно значэнне гэтага слова – «стая перелётных птиц»). 

Такая “спецыфічная” лексіка пакуль што не стала аб’ектам спецыяльнага даследвання. Аднак ужо існуе слоўнік безэквівалентных слоў– “Самабытнае слова” – укладальніцай якога з’яўляецца філолаг Ірына Шкраба. Гэтая кніга – першая спроба ўвесці ў навуковы зварот пэўную колькасць моўных адзінак такога тыпу(каля 900). 

Безэквівалентная лексіка выклікае асаблівую цікавасць хаця б таму, што ў ёй адлюстроўваецца асноўнае багацце мовы – яе непаўторнасць. Адразу можна ўзгадаць пра назвы такіх з’яў, якія характэрныя толькі для аднаго моўнага асяроддзя (найменні рэалій). Напрыклад, беларускае слова “дзядькаванне”, што можна перакласці на рускую толькі апісальнай канструкцыяй – «старый обычай белорусских панов отдавать своих сыновей на воспитании в крестьянские семьи», ーяскравы ўзор безэквівалентнай лексікі. Тут і непаўторнасць, выключнасць і нацыянальны каларыт. (Падрабязную інфармацыю пра дяздзькаванне можна знайсці на старонках рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”). 

Цікавыя прыклады безэквівалентнай лексікі можна знайсці ў слоўніку Ірыны Шкрабы. У большасці выпадкаў гэта назвы з’яў і паняццяў, якія існуюць і ў рускай мове, але проста па нейкай прычыне для іх не існуе ўстойлівага аднаслоўнага адпаведніка. (Гэта адбываецца часта праз тое, што ў беларускай мове існуюць такія словаўтваральныя сродкі, якія адсутнічаюць у рускай). Хацелася б прывесці некалькі выпадкаў такіх безэквівалентных слоў: 

“ВечаравАць” – «коротать время вечером», 
“ВЫлюдзець (таксама вЫлюднець) – «стать видным, рослым, возмужавшим», 
“ВятрЫска” – «резкий, холодный, колючий ветер», 
“ПанявЕрка” – «неопределённое положение; потеря веры во что-либо», 
“РызыкАнт” – «дерзкий человек, готовый идти на риск». (Варта адзначыць, што па-нямецку “рызыкоўны” – “riskant”, а “рызыка” – “das Risiko”, падаецца, што гэтае слова прыйшло ў беларускую мову праз нямецкую). 

З дапамогай безэквівалентных слоў мы не толькі бліжэй знаёмімся з гісторыяй і культурай нашага народа, але і ўзбагачаем свае веды скарбамі цудоўных слоў і выразаў на роднай мове. А для нас як для перакладчыкаў такія скарбы і з’яўляюцца найдаражэйшымі.

 

аўтар: Вікторыя Верпечынскіс



Обучение

События

18 мая 2016